Куды вядзе Лукашэнку сочынская лыжня?

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы? Ці будзе Беларусь прадаваць «фамільнае срэбра» сыстэмаўтваральных прадпрыемстваў? Ці будзе Масква ціснуць на Лукашэнку наконт канстытуцыйнай рэформы? Меркаваньні экспэртаў на Радыё Свабода.

Скрыншот відэа

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць ІТ-прадпрымальнік, чалец Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў, былы часовы павераны Беларусі ў Швэйцарыі Павал Мацукевіч і намесьнік рэдактара сайту Carnegie.ru Максім Самарукаў.

Баграцоў

Лукашэнка цяпер у Сочы адчуваў сябе больш упэўнена, чым у верасьні.

Паводле яго, калі ў яго на вуліцах няма пратэстаў, у яго большая народная падтрымка.

Гэта насамрэч ня так, але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта для яго прыемна.

Хада сустрэчы ў Сочы сьведчыць пра тое, што пра ўсё дамовіліся напярэдадні. Пра што дамовіліся — ніхто ня ведае.

Ня выключана, што размова ідзе пра продаж нейкіх актываў.

Я згодны з аналізам Алеся Аляхновіча, што наўпроставай, тэрміновай неабходнасьці распрадаваць «фамільнае срэбра» зараз няма.

У бізнэсе часам актывы прадаюцца не таму, што грошы пільна патрэбныя зараз, а таму што, яны могуць спатрэбіцца праз пэўны час, а цана актываў з улікам дынамікі сытуацыі тады можа ўпасьці.

Так што цалкам імаверна, што гэтыя ўгоды абмяркоўваюцца.

Многія ўспрымаюць пэрспэктыву прыходу расейскага капіталу ў Беларусь вельмі нэгатыўна.

Я на гэта гляджу інакш, ёсьць досьвед вэртыкальнай інтэграцыі ЗША з Мэксыкай і Канадай.

Вэртыкальная інтэграцыя адбываецца ва ўсім сьвеце, бо так прасьцей выжываць.

Чым больш Расея падтрымлівае Лукашэнку, тым менш у беларускім грамадзтве падтрымкі паглыбленьня інтэграцыі, тым ніжэй узровень прарасейскіх настрояў.

Зьдзелку на любоў на 20 гадоў можна зрабіць толькі зь беларускім народам, з Лукашэнкам яе зрабіць немагчыма.

У заходніх краінаў ёсьць стасункі з Кітаем, з краінамі Азіі і Афрыкі, дзе сытуацыя з правамі чалавека кепская.

Але ў чым памылка расейскіх уладаў? У тым, што зьявіўся новы ўдзельнік палітычнага працэсу — гэта беларускі народ, які ўсьвядоміў сваё стаўленьне да Лукашэнкі.

Гэта стаўленьне можа выказвацца маршамі ці пасіўным супрацівам, але яно нікуды ня зьнікне.

Нехта зьедзе, нехта застанецца, але любві больш ня будзе.

Нават у пытаньнях інвэстыцый гэта мае значэньне: ты купляеш прадпрыемства, а калектыў няшчасны, бо працаваць сёньня і адчуваць сябе ў бясьпецы немагчыма.

Лукашэнка забясьпечыць стабільнасьць больш ня можа.

Яна на пэўны час можа быць загнаная пад лёд.

Цынізм цынізмам, але ўсім патрэбная стабільнасьць палітычных і эканамічных адносінаў.

Гэта не сярэднявечча, калі сялян можна выгнаць у поле. Яны спрабуюць рабіць гэта зараз. Але не «пракаціць».

Мацукевіч

Самае сумнае ў перамовах у Сочы — гэта тое, што з інтэграцыйных мапаў «зьдзьмуты пыл» і яны неяк абмяркоўваюцца.

Важныя заявы былі зробленыя на ЎНС наконт адмовы ад імкненьня да нэўтралітэту і стаўкі выключна на Расею.

Таксама вельмі важнае рашэньне аб перанакіраваньні транзыту нафтапрадуктаў у расейскія парты.

Складваецца адчуваньне, што за нашай сьпіной Беларусь зьліваюць.

Абмяркоўваюцца рэчы, адчувальныя з пункту гледжаньня сувэрэнітэту.

Лукашэнка гатовы ў інтэграцыі ісьці вельмі далёка, калі толькі няма замаху на «любімую».

Думаю, што прапанова Макея выкрэсьліць з Канстытуцыі пункт аб імкненьні да нэўтралітэту ў Расеі вельмі спадабалася.

Нэўтралітэт нават такой краіны, як Швэйцарыя, не перашкаджае ёй разьвіваць адносіны на прыярытэтнай аснове адносіны з пэўнымі дзяржавамі.

Гэты пункт Канстытуцыі не перашкаджаў быць у шчыльных саюзах з Расеяй, але ён быў пэўным засьцерагальнікам ад магчымых непрымальных прапановаў паглыбленьня гэтай шчыльнасьці.

Самае сумнае, што на такіх сустрэчах абмяркоўваюцца рэчы, важныя для краіны, а мы пра іх нічога ня ведаем.

«Коммерсантъ»: «От встреч Путина и Лукашенко всегда чего-то ждут – а зря»

Расейскія інвэстары нічым ня горшыя за іншых, скажам, нямецкіх, але я аддаў бы перавагу таму, каб у пакупцы беларускіх актываў удзельнічалі і расейскія, і заходнія інвэстары, каб забясьпечыць сваю бясьпеку.

Я ня стаў бы выключаць варыянт, што абставіны могуць так скласьціся, што дыялёг з Лукашэнкам для Захаду стане найменшым злом.

Калі ў 2015 годзе Беларусь была пад санкцыямі, гэта не перашкодзіла заходнім лідэрам прыехаць у Менск, каб заключаць пагадненьне па Ўкраіне.

Для Лукашэнкі складанасьць цяперашняй сытуацыі ў тым, што ён ня мае легітымнасьці ўнутры краіны.

Самарукаў

Многіх у Беларусі сустрэча ў Сочы расчаравала, былі чаканьні, што там будуць прынятыя нейкія важныя рашэньні, а ўсё прайшло вельмі рутынна.

Для Расеі беларускі крызіс спускаецца ўсё ніжэй у сьпісе яе прыярытэтаў.

Вырашылі сытуацыю з працягам дамовы аб стратэгічных узбраеньнях з ЗША, пачалося новае абвастрэньне адносінаў з Украінай, Беларусь адыходзіць на другі плян.

У Сочы пра палітычны крызіс у Беларусі не гаварылі, не гаварылася, што ў сувязі з гэтым нешта трэба рабіць.

Ён правёў УНС, паабяцаў канстытуцыйную рэформу, заявіў, што апазыцыю ён перамог.

Крэмль падтрымаў яго ў дэманстрацыі, што ўсё ў парадку.

Я летась казаў, што ў Масквы ёсьць жаданьне дэцэнтралізацыі ўлады ў Беларусі, але Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца.

Пакуль Лукашэнка выйграе, чым даўжэй ён зацягвае канстытуцыйную рэформу, тым мацней ён робіцца ў стасунках з Крамлём. Але гэта не канец крызісу.

Калі зараз ізноў загаварылі пра інтэграцыйныя «мапы», то ў пэўны момант размова ўпрэцца ў паўнамоцтвы Лукашэнкі.

Хутчэй за ўсё ён будзе рэагаваць на гэта сваёй гульнёй у шматвэктарнасьць.

Крамлю гэтая гульня не спадабаецца і ўзмацніцца ціск на Менск.

Лукашэнку будзе вельмі складана выйграць яшчэ адны выбары.

Я ня думаю, што ў Беларусі зараз застаўся толькі адзін варыянт зьнешняй палітыкі, вы пераацэньваецца значэньне гуманітарнай рыторыкі Захаду.

Незалежнасьць Беларусі — гэта каштоўнасьць, якой ніхто не гатовы ахвяраваць, ні ў ЭЗ, ні ў новай адміністрацыі ЗША.

Рэакцыя Захаду на крызіс у Беларусі ў 2010 годзе было больш жорсткая, чым на леташні.

Тое, што Лукашэнка зможа ізноў прадаць Захаду сябе, як адзінага гаранта беларускай незалежнасьці, я б ня стаў выключаць.

«Для Путина Беларусь сейчас — это не победа»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.5 (оценок:11)